СТРАТЫФІКА́ЦЫЯ МОЎ (ад лац. stratum слой + facere рабіць),

суадносіны ўзаемадзеяння моў у выніку міграцыі, каланізацыі або заваявання аднаго народа іншым.

У залежнасці ад вынікаў узаемадзеяння моў вылучаюць тры стратыфікацыйныя тыпы: субстрат, суперстрат, адстрат. Субстрат — рэшткі мовы карэннага насельніцтва, якая была выцеснена мовай чужынцаў, але паўплывала на апошнюю і выклікала змены ў яе фанет. і грамат. ладзе, напр., балт., угра-фінскія дыялектныя рэлікты ў мовах усх. славян. Суперстрат — фанет. і грамат. элементы мовы прышлага народа, што праніклі ў мову карэннага насельніцтва, на якую паступова перайшлі чужынцы, напр., рэшткі стараж.-франц. мовы нарманскіх заваёўнікаў у англ. мове, цюркскія элементы — у балг. мове. Адстрат — элементы мовы іншаземнага народа ў мове карэннага насельніцтва, калі гістарычна захаваліся абедзве мовы, напр., ням. элементы ў мове лужыцкіх сербаў, індыйскія — у дравідскіх мовах.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 15, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)